спецыяльныя войскі, прызначаныя для тэхн. прыкрыцця, аднаўлення, буд-ва і эксплуатацыі чыг. напрамкаў з мэтай забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл у ваен. час; у мірны час выкарыстоўваюцца для тэхн. прыкрыцця буйных чыг. аб’ектаў, буд-ва новых і павелічэння прапускной здольнасці існуючых ліній.
Ваенізаваныя фарміраванні на рас. чыгунцы ўзніклі ў 1851. Пазней іх замянілі чыг. батальёны, сфарміраваныя на ўзор армейскіх вайск. часцей. Першы такі батальён сфарміраваны ў г. Баранавічы ў 1876, пазней — яшчэ 3 батальёны, а ў 1886 у Баранавічах — першая ў свеце чыг. брыгада. Як асобны від войск Ч.в. існуюць з 1904 (складаліся з Баранавіцкай, Туркестанскай, Закаспійскай і Заамурскай брыгад). У 1-ю сусв. вайну Ч.в. пабудавана 6 тыс.км чыгункі, з іх 1 тыс.км на Беларусі. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ваен. чыгуначнікі ў Расіі аднавілі 22 тыс.км чыгункі, у т. л. 4 тыс. на Беларусі, 3169 мастоў, у т. л. 300 на Беларусі. Пасля грамадз. вайны чыг. батальёны перайменаваны ў палкі, некат. з якіх дыслацыраваліся ў Віцебску, Гомелі, Жлобіне і інш.; выконвалі аднаўленчыя работы на станцыях Слуцк, Бабруйск, Орша, Барысаў. У 1926—40 Ч.в. пабудавалі на тэр. Беларусі чыг. лініі Орша—Лепель, Гомель—Чарнігаў, Рослаўль—Магілёў—Асіповічы, вялі аднаўленчыя работы на напрамку Полацк—Маладзечна—Ліда—Масты. У Вял.Айч. вайну ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 для аднаўленчых і эксплуатацыйных работ на Беларусі было сканцэнтравана 14 чыг. брыгад. Яны аднавілі ўчасткі Смаленск—Полацк—Шаўляй, Смаленск—Орша—Мінск, Асіповічы—Баранавічы—Беласток, масты цераз Дняпро каля г. Жлобін, цераз Зах. Дзвіну каля Віцебска і Полацка, цераз Бярэзіну каля в. Шацілкі, цераз Прыпяць каля г. Мазыр, цераз Сож каля Гомеля і інш. З 1965 на тэр. Беларусі дыслацыравалася 30-я асобая чыг. брыгада Яе часці ўдзельнічалі ў буд-ве другіх пуцей на участках Гомель—Жлобін—Асіповічы, Калінкавічы—Оўруч, Гомель—Церахоўка, Лунінец—Ракітнае, Памыслішча—Дзехцяроўка. З падраздзяленнямі Бел. чыгункі войскі ўдзельнічалі ў рэканструкцыі чыг. станцый у Мінску, Віцебску, Брэсце, Гомелі, Лунінцы, Бабруйску; буд-ве пад’язных пуцей да шэрагу заводаў, фабрык, прадпрыемстваў і інш. Ч.в. ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (замена пад’язных пуцей да 4-га энергаблока і інш.).
У студз. 1992 паводле пастановы СМ створаны Ч.в. Рэспублікі Беларусь, у якія ўваходзяць часці, прызначаныя для збудавання землянога палатна, мастоў, рамонту чыг. тэхнікі і інш., а таксама інш.спец. падраздзяленні. Ч.в. працавалі на рэканструкцыі трамвайных пуцей у Мінску і Віцебску, навядзенні пантонных мастоў, дэмаркацыі дзярж. мяжы з Літвой і Латвіяй, пракладцы кабельных ліній, электрасетак і інш.
Літ.:
Степук А. Железнодорожные войска // Армия. 1999. № 4.
А.В.Ганчароў.
Да арт.Чыгуначныя войскі. Воіны-чыгуначнікі наводзяць мост цераз водную перашкоду.